Гiсторыя вызвалення Валожыншчыны
22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Для нашага горада Валожына яна пачалася ўсяго праз тры дні – 25 чэрвеня, таму што, нягледзячы на вялікія страты, гітлераўцы напралом рваліся праз Валожын і Маладзечна да Мінска. 26 чэрвеня 1941г. была акупіравана ўся тэрыторыя Валожынскага раёна.
Дзякуючы таму, што амаль 40% тэрыторыі Валожынскага раёна пакрыта лясамі, тут склаліся вельмі ўдалыя ўмовы для стварэння ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны партызанскіх атрадаў. На тэрыторыі сучаснага раёна дзейнічалі падпольныя райкомы КП(б)Беларусі і ЛКСМБ, Івянецкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, Івянецкія падпольныя міжрайпартцэнтр КП(б)Б і міжрайцэнтр ЛКСМБ. Тут жа выдаваліся падпольныя газеты “Народный мститель” і “Іскра”.
На сумежжы Валожынскага, Радашковіцкага, Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў узніклі падпольныя групы з былых ваеннаслужачых і мясцовых актывістаў. Так, у снежні 1941г. арганізавалася Пранчэйкаўская падпольная група ў складзе 15 чалавек (кіраўнік М.І.Грыбанаў). Удзельнікі групы збіралі зброю і боепрыпасы, пранікалі ў варожыя гарнізоны ў Радашковічах, Ракаве, Пяршаях, Валожыне, Маладзечне, вялі актыўную агітацыйную работу сярод мясцовага насельніцтва. У лютым 1942г. група М.І.Грыбанава ўстанавіла сувязь з групай І.П.Кузняцова, якая дзейнічала ў в.Белева. 13 красавіка 1942г. у Пранчэйкаўскім лесе абедзве групы аб’ядналіся ў партызанскі атрад, камандзірам якога быў абраны І.П.Кузняцоў.
Да пачатку баявой дзейнасці атрад налічваў 25 байцоў, 19 вінтовак, 480 патронаў і 8 гранат. 19 мая 1942г. атрад перабазіраваўся ў паўночную частку Налібоцкай пушчы і размясціўся лагерам у лесе за 3 кіламетры ад в.Яцкава Валожынскага раёна. Ужо 24 мая атрад выйшаў на баявое заданне на маршруце Яцкава – Белакорац – Рум – Расолішкі – Буні – Бомбалы – ст.Багданаў. 26 мая каля в.Бомбалы на дарозе Вішнева – Сакаўшчына партызаны разграмілі варожую засаду.
У пачатку мая 1942г. у раён в.Яцкава са Старасельскага лесу Заслаўскага раёна прыбыў невялікі партызанскі атрад №620 пад камандаваннем Я.З.Дука і камісара І.П.Казака. Тут яны стварылі сваю асноўную, пастаянную базу. У канцы мая група разграміла паліцэйскі гарнізон у Волме. Пад раніцу група была заўважана і атакавана немцамі. Смяротны бой цягнуўся больш за тры гадзіны. Партызаны знішчылі некалькі дзесяткаў фашыстаў, але і самі з 23 чалавек страцілі 17 забітымі. Смерцю храбрых загінулі камандзір атрада Я.З.Дук і начальнік штаба І.М.Ціханаў.
Ва ўрочышчы Курыныя Грады Івянецка-Налібоцкай пушчы знаходзілася база дыверсійна-разведвальнага атрада (камандзір маёр В.В.Шчарбіна). Атрад меў пастаянную радыёсувязь з Галоўным разведупраўленнем Чырвонай Арміі, запасы ўзрыўчаткі і вопыт правядзення баявых дыверсій у тыле ворага. Паветраным шляхам партызанам дастаўляліся ўзрыўчатка, міны. Гэта мела вялікае значэнне для актывізацыі дзейнасці мясцовых партызанскіх груп і атрадаў Валожыншчыны, якія ўключыліся ў барацьбу з ворагам.
З лета 1942г. і да выгнання акупантаў партызаны Івянецкай зоны па сутнасці з’яўляліся гаспадарамі Валожынскага, Івянецкага, часткі Радашковіцкага і Заслаўскага раёнаў. Гітлераўскае камандаванне не магло мірыцца з тым, што ў іх глыбокім тыле, паблізу Мінска, з кожным днём расце і шырыцца партызанскі рух, гінуць салдаты і афіцэры вермахта, знішчаецца тэхніка, зрываюцца палітычныя і гаспадарчыя мерапрыемствы, усё часцей і настойлівей здзяйсняюцца дыверсіі на чыгунках і прадпрыемствах. Ні ў гарадах, ні ў вёсках немцы не ведалі спакою. Таму акупанты трымалі ў тыле значную колькасць войск для барацьбы з партызанамі і расправы з цывільным насельніцтвам.
Важную ролю ў развіцці партызанскага руху ў раёне адыграў атрад імя Сталіна, які прыбыў у Налібоцкую пушчу ў маі 1942г. з суседняга Дзяржынскага раёна. 10 сакавіка 1942г. у атрад улілася падпольная група вёскі Баравое на чале з палітруком А.Г.Мурашовым, пазней – група мінскіх падпольшчыкаў на чале з інжынерам М.І.Яраслаўцавым, які быў назначаны начальнікам штаба атрада. З вясны 1942г. атрад пачаў ажыццяўляць актыўныя баявыя дзеянні. У чэрвені 1942г. імі быў разгромлены варожы гарнізон у в.Налібокі.
19 чэрвеня атрад імя Сталіна здзейсніў дзёрзкі налёт на варожы блокпост Камолава на чыгунцы паміж станцыямі Негарэлае і Стоўбцы і разграміў яго. У гэтым баі смерцю храбрых загінулі камандзір атрада С.А.Рыжак і начальнік штаба М.І.Яраслаўцаў. У ліпені 1942г. атрад імя Сталіна сумесна з атрадам імя Чапаева разграміў буйны фашысцкі гарнізон у мястэчку Рубяжэвічы. Фашысты імкнуліся знішчыць атрад, але ім гэта не ўдалося. Партызаны адбілі атакі карнікаў.
Паступова дробныя партызанскія атрады аб’ядноўваліся ў брыгады. Ускорасці была створана Івянецка-Налібоцкая партызанская зона з цэнтрам у Налібоцкай пушчы, адкуль вясной і летам 1942г. да красавіка 1943г. кіраўніцтва партызанскай зонай ажыццяўляла камандаванне Асобага злучэння партызанскіх атрадаў (камандзір В.В.Шчарбіна. 20 студзеня 1943г. ад раптоўнага ўзрыву ў руках міны новай канструкцыі трагічна абарвалася яго жыццё. З ім разам загінулі тры яго баявыя таварышы – Г.Пячонкін, С.Слесараў, І.Кузняцоў. В.В.Шчарбіне прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.)
У красавіку 1943г. паводле рашэння Баранавіцкага падпольнага абкома КП(б)Б створана Івянецкае партызанскае злучэнне. Напачатку яго ўзначаліў былы намеснік камандзіра АЗПА маёр Рафаіл Людвігавіч Васілевіч, ураджэнец мястэчка Налібокі, а з красавіка 1943г. – упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і беларускага штаба партызанскага руху, член Баранавіцкага падпольнага абкома партыі Рыгор Аляксандравіч Сідарок (“Дубаў”), які адначасова з’яўляўся кіраўніком Івянецкага міжрайпартцэнтра
Пры абкоме КП(б)Б меўся надзейны вузел радыёсувязі. Вопытныя радысткі, камсамолкі Ніна Безмацерных, Кацярына Санько, Ніна Ізергіна, Зінаіда Зотава, Анастасія Мазгалёва забяспечвалі абком і штаб партызанскага злучэння бесперапыннай сувяззю з Масквой і штабамі франтоў, якія дзейнічалі на Мінскім кірунку. Таксама на месцы базіравання брыгады імя Чкалава, размяшчаўся Баранавіцкі падпольны абком ЛКСМБ (сакратар А.К.Рыбакоў). Адсюль з лістапада месяца нікіроўваў і каардынаваў дзейнасць падпольных камсамольскіх арганізацый Баранавіцкай і Вілейскай абласцей упаўнаважаны БШПР сакратар ЦК ЛКСМБ Фёдар Анісімавіч Сурганаў. Тут жа друкаваліся газеты абласных падпольных абкомаў партыі і камсамола “Красная Звезда” і “Молодой мститель”.
Да восені 1943г. тэрыторыя партызанскай зоны складала 2,5 тысячы кв.км, а колькасць партызан набліжалася да 9 тысяч чалавек. У партызанскай зоне была адноўлена Савецкая ўлада.
Жорсткія баі з карнікамі пачаліся ў канцы 1942г. Стойкай абаронай і імклівымі манёўрамі партызаны сарвалі спробы гітлераўскіх карнікаў ліквідаваць партызанскую зону ў ходзе буйных карных аперацый пад кодавымі назвамі “Налібокі”, “Балотная ліхаманка”, “Гюнтэр”, “Герман”. Партызаны, выкарыстоўваючы ўсе перавагі сваёй тактыкі і веданне мясцовасці, ні разу не паікнулі раёны дыслакацыі і абаранялі насельніцтва ад карнікаў.
Больш за тры гады ішла да заходніх рубяжоў Чырвоная Армія, якую 1107 дзён і начэй чакалі змучаныя акупацыяй валожынцы.
23 чэрвеня 1944г. магутныя залпы гвардзейскіх мінамётаў узарвалі ранішнюю цішыню. Над варожымі пазіцыямі з’явіліся эскадрыллі чырваназорных бамбардзіроўшчыкаў і штурмавікоў. Яны ішлі хваля за хваляй і скідвалі свой смертаносны груз на галовы фашысцкіх акупантаў.
Па пярэднім краі ворага адкрылі знішчальны агонь тысячы гармат і мінамётаў. У прарыў рынуліся танкі, узламваючы абарону і разбураючы на сваім шляху апорныя пункты і заслоны немцаў. У рашучы наступ рушыла пяхота – “царыца палёў”. Пачалася адна з буйнейшых у Вялікай Айчыннай вайне Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”, якая ажыццяўлялася сіламі чатырох франтоў.
Пасля ўзяцця Мінска імклівае наступленне войск 3-га Беларускага фронту на Вільнюскім і Лідскім напрамках праз Валожын і Маладзечна разгортвалася паспяхова без аператыўнай паўзы. Тут праціўнік не меў суцэльнага фронту. Але ў апорных пунктах Радашковічы, Ракаў, Гарадок, Краснае, Валожын, Івянец і іншых аказваў моцнае супраціўленне. Гітлераўскае камандаванне ўсімі сіламі спрабавала стымаць тэмпы наступлення нашых войск за кошт свежых сіл, падцягнутых на падрыхтаваны рубеж абароны Трабы – Багданава – Баруны – Крэва – Гальшаны – Ашмяны. К канцу дня 6 ліпеня праціўнік падцягнуў сюды 170-ю і 707-ю (ахоўную) пяхотныя дывізіі, баявую групу Мюллера (тры палкі), 7-ю і 5-ю танкавыя дывізіі, узмацніўшы свае войскі артылерыяй.
Прыкрываючыся моцнымі ар’ергардамі і выкарыстоўваючы прамежкавыя апорныя пункты абароны, немцы спрабавалі затрымаць наша наступленне, каб даць магчымасць адвесці рэшткі сіл 4-й нямецкай арміі за Нёман і тым самым выратаваць іх ад канчатковага знішчэння.
6 ліпеня войскі 220-й Аршанскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі (генерал-маёр В.А.Палявік) пры падтрымцы танкаў і самаходных артылерыйскіх установак 31-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай імя П.К.Панамарэнкі ачысцілі ад фашыстаў Івянец. Палкі гэтай дывізіі накіраваліся далей наперад па лясных дарогах, якія вялі праз Валожын і Налібоцкую пушчу на Ліду і Вільнюс. У гэты ж дзень часці 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-лейтэнант М.С.Аслікоўскі), 192-й стралковай дывізіі (генерал-маёр Р.Г.Маскутаў) 31-й арміі, 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі (палкоўнік М.Л.Волкаў) 11-й гвардзейскай арміі перарэзалі ў розных месцах чыгуначную лінію Маладзечна – Ліда і вызвалілі на правым беразе ракі Беразіна станцыі Валожын, Багданаў, Вайганы, буйныя населеныя пункты Гародзькі, Лоск, Вішнева, Войштавічы.
Разам з Чырвонай Арміяй у вызваленні раёна ўдзельнічалі партызаны брыгад імя І.В.Сталіна, імя В.П.Чкалава, імя П.К.Панамарэнкі, імя М.А.Шчорса, “За Савецкую Беларусь” і іншыя.
У зводцы Саўінформбюро за 6 ліпеня паведамлялася: “На захад ад горада Мінска нашы войскі з баямі авалодалі важнымі вузламі грунтавых дарог, гарадамі Валожын і Івянец. Па няпоўных дадзеных на гэтым участку знішчана 1200 нямецкіх салдат і афіцэраў, 7 танкаў, 4 самаходныя гарматы, захоплены ў немцаў 3 танкі, 19 палкавых гармат, 11 мінамётаў, шмат машын і павозак з грузамі. Узяты палонныя.”
У баях за Валожыншчыну ў многіх месцах разгарэліся скарацечныя, але ўпартыя баі. 1 ліпеня адбылося сапраўднае пабоішча на шашы паміж Мінскам і Ракавам. Адыходзячы на захад, па дарозе бесперапыннай калонай у два рады рухаліся тысячы нямецкіх аўтамашын, матацыклаў, бронетранспарцёраў і цягачоў. У адпаведнасці з распрацаваным камандаваннем планам партызаны брыгады імя М.А.Шчорса ўзялі пад свой кантроль шашу. Сюды былі пасланы некалькі баявых груп з супрацьтанкавымі ружжамі і ўзрыўчаткай. Партызанская група на чале з камандзірам атрада імя А.І.Мікаяна В.П.Лысенкам замініравала мост і адзін кіламетр шашы ў раёне вёскі Звінячы. На міны наскочылі і падарваліся разам з мостам 3 бронетранспарцёры і некалькі матацыклаў, якія ішлі наперадзе вялікай калоны. На месцы ўзарванага маста стоўпіліся гітлераўцы і тэхніка. Партызаны наблізіліся да праціўніка на адлегласць 20-30 метраў і адкрылі знішчальны аўтаматны і кулямётны агонь. Адначасова па калоне ўдарылі і астатнія групы партызан. Паднялася паніка, рух калоны замарудзіўся, утварылася пробка. У гэты час на калону ворага наляцелі эскадрыллі самалётаў 307-й штурмавой авіядывізіі і знішчальнікі 1-га гвардзейскага знішчальнага авіякорпуса, якія ператварылі калону ў змешаную, бясформенную кучу металу і трупаў. У выніку дзесяткі аўтамашын, бронетранспарцёраў, танкаў, матацыклаў былі знішчаны. Сотні фашысцкіх салдат і афіцэраў знайшлі тут сваю магілу.
У аперацыі па вызваленні Ракава і захопу аўтамашын вызначыліся гвардзейцы-танкісты і партызаны атрада імя Мікаяна. Пры ўзяцці Ракава праявіў мужнасць і адвагу камандзір танкавага ўзвода 3-й гвардзейскай танкавай брыгады лейтэнант Васілій Іванавіч Калінін. На сваім хуткім Т-34 ён першым пераправіўся праз Іслач і ўварваўся ў мястэчка. Знайшоў сваёй машыне надзейнае сховішча, адкрыў прыцэльны агонь па танках ворага, якія спрабавалі перашкодзіць пераправе савецкіх машын праз рэчку. Са сховішча ён падбіў некалькі фашысцкіх танкаў. Непадалёку ад Ракава танкавы ўзвод Калініна разграміў калону нямецкіх аўтамашын, знішчыў дзесяткі гітлераўцаў. За здзейснены подзвіг у баях за Ракаў В.І.Калінін узнагароджаны ордэнам Леніна.
Маршал А.М.Васілеўскі ў сваім данясенні І.В.Сталіну аб становішчы на франтах №105 пісаў 6 ліпеня 1944г. у 12 гадзін 35 хвілін: “По докладу моих людей вся дорога от Минска до Ракова и далее на Воложин забита брошенной техникой противника…»
На ўчастку Гародзькі – Лоск – Крэва немцы спрабавалі затрымаць наступаючыя перадавыя часці 11-й гвардзейскай арміі. У Лоску на Замкавай Гары яны ўстанавілі супрацьтанкавую гармату, кулямёты. Каля могілак замаскіравалі самаходныя ўстаноўкі “фердынанд”, на ўсходнім ускрайку вёскі акапалася пяхота, замініравалі падыходы. У час бою танк Т-34 вырваўся наперад, але выстралам з гарматы быў падбіты. Клубы чорнага дыму і шызыя языкі полымя вырваліся з маторнага адсека. Танкісты з цяжкасцю выбраліся з ахопленай агнём машыны. На хаду спрабавалі збіць агонь з адзежы, але гэты ім не ўдавалася, і, адстрэльваючыся ад гітлераўцаў, танкісты адыходзілі да выратавальнай рачулкі. Мясцовыя жыхары Пётр і Фёдар Русакевічы па хмызняках дабраліся да рачулкі Буянкі і дапамаглі танкістам затушыць тлеючыя камбінезоны. Немцы ўсё гэта бачылі. У перастрэлцы с фашыстамі ўвесь экіпаж загінуў. Азвярэлыя гітлераўцы схапілі братоў, жорстка збілі іх, а потым спалілі зажыва. Так у дзень вызвалення Лоска трагічна абарвалася жыццё братоў Русакевічаў.
У баях за Вішнева і станцыю Багданава праявіў адвагу камандзір танка 31-й танкавай брыгады 29-га танкавага корпуса мал.сержант Мікалай Андрэевіч Бутусаў. Ён са сваім экіпажам выкарыстоўваў хуткасць і манеўранасць танка Т-34 – раптоўна з’яўляўся перад праціўнікам. Трапным агнём з гарматы знішчыў пяць мінамётаў, тры кулямёты, сем аўтамашын і дзесяткі гітлераўцаў. За храбрасць і мужнасць у баях за Валожыншчыну адважны танкіст узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Шлях гітлераўцам з мінскага “катла” перагарадзілі воіны-гвардзейцы 75-га, 252-га гвардзейскіх стралковых палкоў і 44-й асобай стралковай роты, 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі 11-й арміі, якія занялі абарону ўздоўж безыменнай рачулкі на ўскраіне вёскі Дворышча, трывала асядлаўшы адзіную дарогу на захад праз плаціну вадзянога млына, пабудаванай з бутавага каменю. Звыш трох гадзін грымеў няроўны бой. Гвардзейцы адну за другой адбівалі шалёныя атакі азвярэлых фашыстаў. Ад разрываў снарадаў і мін узнялася на дыбкі зямля. Гарэлі дамы, едкім дымам раз’ядала вочы, дыхаць было цяжка. Не лічачыся са стратамі, немцы ішлі напралом, у псіхічную атаку. Бой пераходзіў урукапашную. У ход пайшлі нажы-фінкі і прыклады, сапёрныя рыдлёўкі. Але вораг не прайшоў. Звыш сотні трупаў гітлераўцаў і тры “тыгры” – такі вынік пераможнага бою. Панеслі цяжкія страты і гвардзейцы. 16 салдат, сяржантаў і афіцэраў навечна засталіся ляжаць у брацкай магіле на ўскрайку вёскі Дворышча. Удзячныя валожынцы шануюць памяць аб загінуўшых гвардзейцах. Іх імёны золатам ззяюць на чорным граніце абеліска.
Вялікі ўклад у вызваленне Валожыншчыны ўнеслі лётчыкі 1-й паветранай арміі. Яны былі вачамі наступаючай танкавай арміі. Дакладнымі баявымі ўдарамі храбрыя сокалы выводзілі са строю на чыгуначных станцыях Валожын і Багданаў цягнікі, разбуралі чыгуначнае палатно. У выніку сотні вагонаў з нарабаваным дабром і ваеннай маёмасцю засталіся не вывезенымі ў Германію. Лётчыкі 1-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага корпуса надзейна прыкрывалі наступаючыя наземныя войскі ад паветранага нападзення. Уклад авіяцыі ў баях за Валожын, Ракаў, Багданава, Доры, Пяршаі важкі. Намеснік камандзіра знішчальнай эскадрыллі капітан Адыль Гусейн Куліеў за паспяховыя паветраныя баі на Валожыншчыне быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а ў лютым 1945г. яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
Пры правядзенні Беларускай наступальнай аперацыі вялікую дапамогу Чырвонай Арміі аказалі партызаны. Іх удзел у вызваленні Беларусі быў прадугледжаны Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, узгоднены і ўвязаны з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення савецкіх войск, у ноч на 20 чэрвеня 1944г., партызанскае злучэнне Івянецкай зоны метадам “рэйкавай вайны” нанесла адначасовы масіраваны ўдар па асноўных чыгуначных лініях на ўчастках дарог: Мінск – Стоўбцы – Баранавічы, Мінск – Краснае – Маладзечна, Маладзечна – Валожын – Ліда. Былі ўзарваны тысячы рэек. Вораг не мог у поўнай меры выкарыстаць стальныя магістралі для падвозу рэзерву, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызанскія брыгады імя Чкалава, “За Савецкую Беларусь”, імя Сталіна, імя Шчорса, імя Панамарэнкі перакрылі шляхі адступлення праціўніка па дарогах Гарадок – Валожын, Ракаў – Івянец, Ракаў – Валожын, праз Налібоцкую пушчу, рабілі засады, мініравалі дарогі, захоплівалі і ўтрымлівалі да прыходу нашых войск масты, адбудоўвалі пераправы цераз Іслач, Усу, Заходнюю Беразіну, аказвалі дапамогу ў расчыстцы лясных завалаў, дзяліліся харчамі, ратавалі мірнае насельніцтва, не давалі рабаваць і паліць вёскі, удзельнічалі ў вызваленні Ракава, Івянца, Пяршаяў, у ліквідацыі цэлых падраздзяленняў гітлераўцаў, якія спрабавалі вырвацца з “катла”. На працягу некалькіх дзён гітлераўцы спрабавалі вырвацца з акружэння. Галодных, дэмаралізаваных разгромам і вялікімі стратамі салдат афіцэры імкнуліся ўтрымаць ад уцёкаў, палохаючы жахамі рускага палону і вабячы надзеяй на магчымасць арганізавана прарвацца на захад да сваіх. Некалькі дзён многія афіцэры нават не гаварылі салдатам, што Мінск заняты савецкімі войскамі. Большасць нямецкіх салдат, афіцэраў і генералаў канчаткова страціла надзею прарвацца да сваіх. Паасобку і групамі яны пачалі выходзіць з лясоў і здавацца часцям Чырвонай Арміі і партызанам. Вызваліўшы валожынскую зямлю ад фашысцкай зграі, савецкія войскі рушылі на Ліду і сталіцу Літвы – Вільнюс.
Валожынскі раён вызвалены 5 ліпеня 1944г. воінамі 3-й (падпалкоўнік А.А.Грыцэнка) і 18-й (падпалкоўнік В.І.Есіпенка) гвардзейскіх танкавых брыгад, 2-й гвардзейскай мотастралковай брыгады (палкоўнік Дз.Н.Далганаў), 3-га гвардзейскага танкавага корпуса 5-й гвардзейскай танкавай арміі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай аперацыі.
Многія валожынцы прайшлі цяжкімі дарогамі ўсе 1418 дзён і начэй крывавай вайны, і кожны з іх унёс свой уклад у агульнанародную справу – разгром фашысцкай Германіі, у вялікую Перамогу.
Нялёгка далася нам перамога над лютым ворагам. За гады гітлераўскай акупацыі ў раёне было спалена 64 вёскі і сотні хутароў. Знішчаны ўсе прамысловыя прадпрыемствы, дзве МТС, 11 калгасаў, бальніцы, школы, магазіны. Гэта не кажучы ўжо пра самыя страшныя страты – чалавечыя жыцці. Фашысцкія каты знішчылі ў раёне каля 8857 мірных грамадзян, вывезлі на работы ў Германію і канцлагеры 1671 чалавека, 356 з якіх не вярнуліся дадому. 923 валожынцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 436 з іх пры вызваленні краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы і 13 чалавек пры вызваленні раёна. Толькі за вызваленне Польшчы загінулі смерцю храбрых 166 нашых землякоў, Венгрыі – 21, Чэхаславакіі – 14, Аўстрыі – 4, Германіі – 177, Усходняй Прусіі – 100, у тым ліку пры штурме Кёнігсберга – 19 і ўзяцці Берліна – 18 чалавек. 1021 воін і партызан з нашых рэгіёнаў краіны загінулі ў жорсткіх баях за вызваленне шматпакутнай валожынскай зямлі – знайшлі сабе тут прытулак і вечны спакой. Аб гэтым сведчаць шматлікія помнікі і абеліскі, якія ўвекавечылі светлую памяць герояў. Узведзеныя мемарыялы, абеліскі і помнікі воінам, партызанам і ахвярам фашызму ў Валожыне, Івянцы, Ракаве, Вішневе, Яцкаве, Багданаве, Дворышчах, Кражыне, Дорах, Сугваздах, Вуглах – наш агульны шчымлівы боль, наша вечная ўдзячнасць загінуўшым.м