Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Знайшоў сябе ў ваеннай медыцыне

25.09.2020

Наш зямляк Арцём МАРКОЎСКІ стаў бронзавым прызёрам прэстыжнага штогадовага спаборніцтва – Армейскіх міжнародных гульняў (АрМГ).

Ужо традыцыйна прадстаўнікі Беларусі паказваюць на ім высокія вынікі. Сёлета каманды вайскоўцаў нашай краіны прынялі ўдзел у 22 конкурсах з 30, якія праходзяць у рамках АрМГ. У «Ваенна-медыцынскай эстафеце» прафесійнае майстэрства прадэманстравалі медыкі ў пагонах з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана, В’етнама і Палесціны. Сярод удзельнікаў быў і сяржант кантрактнай службы Арцём Маркоўскі.

Нарадзіўся і вырас хлопец у Багданаве. Цяпер ён ужо і не памятае, адкуль узнікла думка стаць урачом, тым больш, што сярод родных і блізкіх медыкаў ніколі не было. З цягам часу жаданне толькі мацнела, і да 11 класа Арцём цвёрда ведаў, што пойдзе вучыцца ў медуніверсітэт. Але лёс распарадзіўся інакш. У сталічную ВНУ ён не паступіў – вельмі высокім быў прахадны бал у той год. Аднак малады чалавек не адступіўся ад пастаўленай мэты і падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж.

На другім курсе юнак уладкаваўся на працу на 9-ю падстанцыю хуткай медыцынскай дапамогі. Свой працоўны шлях пачаў санітарам выязной брыгады. Пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай установы ўжо працаваў на пасадзе фельчара.

Арцём успамінае, што напачатку прафесійнай дзейнасці, калі багаж ведаў быў яшчэ невялікі, адчуваў складанасці. Але паступова набраўся тэарэтычных ведаў, ды і практыка – вельмі важная рэч. З цягам часу ўсё пачало атрымлівацца і ў выніку стаў выдатным спецыялістам брыгады інтэнсіўнай тэрапіі.

Маладога чалавека так захапіла любімая справа, што непазбежная перспектыва праходжання тэрміновай ваеннай службы здавалася перашкодай у далейшым развіцці як спецыяліста. Ды і дыплом аб вышэйшай адукацыі хацелася атрымаць хутчэй, а не ісці ў акадэмічны адпачынак. Даведаўшыся, што выканаць канстытуцыйны абавязак грамадзяніна можна, прайшоўшы службу на кантрактнай аснове, наш зямляк нават узрадаваўся. «Тэрмін яе, вядома, перавышае «срочку», але затое будзе рэальная магчымасць займацца любімай справай», – вырашыў Арцём, тым больш яму прапанавалі пасду фельчара ў в/ч 30151. Тады ён і не падазраваў, што ў выніку давядзецца прыняць удзел у міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства.

«Ваенна-медыцынская эстафета» – дынамічнае спаборніцтва. Яно ўключае ў сябе два этапы: індывідуальнае майстэрства і каманднае першынство. Канкурсанты не толькі дэманструюць свой прафесіяналізм, цвёрдыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі аказання першай дапамогі, але таксама праходзяць сур’ёзныя выпрабаванні на фізічную падрыхтаванасць і вынослівасць. Неабходна пераадолець дыстанцыю, наблізіцца да «параненага», адцягнуць яго на пэўную адлегласць (у бяспечную зону) або вынесці з умоўнага поля бою. Важна мець волю да перамогі, каб выканаць усе заданні без памылак і ў самы кароткі час.

У індывідуальным першынстве сярод удзельнікаў беларускай каманды, куды ўвайшлі спецыялісты сярэдняга і малодшага медыцынскага саставу, лепшы вынік паказаў сяржант кантрактнай службы Арцём Маркоўскі: ён заняў восьмы радок рэйтынгу.

На конкурсе было цікава і складана адначасова. Усе ўдзельнікі – дзеючыя вайскоўцы, у якіх узровень фізічнай падрыхтоўкі вышэйшы, чым у курсантаў. «Вядома, мы шмат трэніраваліся, бо ведалі, што спаборнічаць трэба будзе з моцнымі сапернікамі, і былі ўпэўнены ў сваіх ведах і сілах, – распавядае сяржант кантрактнай службы Арцём Маркоўскі. – Мне падабаецца цёплы клімат, таму высокая тэмпература паветра на палігоне не стала перашкодай. Адзінае, што напружвала ў ходзе спаборніцтваў, – вецер, з-за якога пыл і пясок траплялі ў вочы.

Дарэчы, «Ваенна-медыцынская эстафета» другі год запар праходзіць на горным палігоне Форыш у Джызакскай вобласці Рэспублікі Узбекістан. Для звыклых да ўмеранага клімату беларусаў умовы надвор’я гарачай краіны Сярэдняй Азіі даволі жорсткія. Аднак, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, наша каманда заваявала на прэстыжным спаборніцтве бронзу, саступіўшы толькі медыкам у пагонах з Узбекістана і Расіі, якія адпаведна занялі першае і другое месцы. Ззаду засталіся каманды з Таджыкістана, В’етнама і Палесціны.

Падчас конкурснай праграмы ва ўдзельнікаў быў час на знаёмства з краінай, яе традыцыямі і культурай. Беларусы пабывалі ў старажытным горадзе Самарканд. Запомніліся дзіўныя пейзажы – бязмежныя даліны і горы, якія назіралі з акна аўтобуса, пакуль ехалі на экскурсію. Наведалі шмат славутасцей, сярод якіх было асабліва ўшанаванае жыхарамі краіны месца – маўзалей Гур-Эмір, дзе пахаваны Тамерлан – вядомы заваёўнік і военачальнік. Горад захапіў унікальнай архітэктурай, ветлівасцю жыхароў, цудоўнымі водарамі спецый і смакам усходніх ласункаў.

Вярнуўшыся дадому, шкатулку са сваім бронзавым медалём Арцём паставіў каля працоўнага стала, каб яна служыла напамінам аб высокім узроўні прафесійнага майстэрства медыцынскіх работнікаў у пагонах і не дазваляла расслабляцца. Бо трэцяе месца не мяжа.

Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ