Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Сабрала свята землякоў багата

03.09.2019

У адзін з прыгожых, цёплых нядзельных дзянькоў жыхары Кібуцяў, Зафільцаў, Казельшчыны, Бурмакаў сабраліся разам, каб адзначыць свята сваіх родных вёсак. Іх чакалі шыкоўная канцэртная праграма, уручэнне памятных падарункаў і шмат прыемных сюрпрызаў.

Мерапрыемства стала сапраўднай урачыстасцю, на якую завіталі і маладыя, і сталыя, папрыязджалі з горада дзеці, наведаліся сябры. Усе пастараліся скарыстацца магчымасцю пабачыцца, пабыць у дружалюбнай атмасферы з блізкімі па духу людзьмі, успомніць былое, вярнуцца ў тыя часы, калі амаль кожныя выхадныя вёскай гулялі гаманлівыя вяселлі, хрэсьбіны, юбілеі і інш.

Павіншаваць вяскоўцаў завітаў старшыня Валожынскага сельвыканкама Віктар Комель. Ён адзначыў непарыўную сувязь з вёскай усялякага чалавека, дзе б ён не асталяваўся. Пажадаў шчаслівага жыцця на роднай зямлі, спакою і ўзаемаразумення ў сем’ях, здароўя, дабрабыту і выканаў прыемную місію ўручэння падарункаў. У першую чаргу Віктар Аляксандравіч ушанаваў самых старэйшых жыхароў. У Кібуцях такой з’яўляецца Ганна Салагуб, якой споўнілася 99 гадоў. Антаніна Гудвіловіч з Зафільцаў адзначыла 89-годдзе, Надзея Таўгень з Казельшчыны – 88-годдзе, Уладзімір Вяршыцкі і Антон Рафаловіч з Бурмакаў – 77-годдзе. Сярод сабраўшыхся былі і тыя, хто ў 2019 годзе сустрэў ці яшчэ сустрэне свой юбілей. Да такіх адносяцца Ніна Карпук, Павел Астаповіч і Галіна Дудко з Кібуцяў, Софія Быкоўская і Юрый Быкоўскі з Зафільцаў, Ганна Зуева, Ядвіга Карпук Уладзімір Журкевіч і Алена Курыла з Казельшчыны, Лідзія Рамановіч з Бурмакаў. Самаму маладому жыхару Бурмакаў Арцёму Філіповічу споўнілася 4 гады. Для віншаванняў ён падняўся на імправізаваную сцэну разам з матуляй. У Казельшчыне самым юным аказаўся 10-гадовы Сяргей Мікалаеў.

55 гадоў крочаць па жыцці разам Антаніна і Уладзімір Гомелі з Кібуцяў. Яны падзяліліся з маладымі хлопцамі і дзяўчатамі рэцэптам сямейнага доўгажыхарства: муж і жонка павінны і працаваць, і адпачываць разам, адзін аднаму дапамагаць і паважаць.

Па традыцыі перад святам былі вызначаны лепшыя падворкі ва ўсіх чатырох вёсках. Найбольш дагледжанымі, добраўпарадкаванымі, упрыгожанымі кветкамі і творчай фантазіяй у Кібуцях прызнана сядзіба Марыі Чычын, у Бурмаках – Ірыны Рамановіч, Зафільцах – Таццяны Быкоўскай, Казельшчыне – Алены Курыла.

З асаблівым задавальненнем старшыня сельвыканкама ўручыў падарунак цудоўнай жанчыне, старасце вёскі Кібуці, гасціннай гаспадыні прыгожага падворка, дзе прайшло свята, Марыі Астаповіч, якая сёлета адзначае свой 60-гадовы юбілей. Менавіта яна ўзяла на сябе клопаты па арганізацыі мерапрыемства, прадаставіла вырабы для выставы, патурбавалася сабраць аднавяскоўцаў на сваёй сядзібе. Марыя Сівая з’яўляецца самай ініцыятыўнай жыхаркай Бурмакаў. Актыўную жыццёвую пазіцыю таксама займаюць Надзея Пуркалік і 80-гадовы юбіляр Пётр Такушэвіч.

Паклапаціліся арганізатары і пра маленькіх гасцей свята. Для іх працавала гандлёвая палатка, дзе можна было набыць салодкую вату, папкорн, сувеніры, паветраныя шары. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прапаноўвалі дзецям шматлікія настольныя гульні па правілах бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях, размалёўкі, буклеты.

Падарункі, шчырыя пажаданні, песні і музыка гучалі ў Кібуцях у той дзень. Душэўныя і працавітыя вяскоўцы ўмеюць адпачываць і весяліцца ад душы. Ім ёсць пра што пагаварыць, чым ганарыцца. Настрой ва ўсіх быў цудоўны. Ствараць яго дапамагалі выдатныя артысты Ларыса Шарко, Ларыса Тур, Валерый Мазура, Валерый Язерскі, Мікалай Канапацкі, Валянцін Сабалеўскі, Іосіф Сухавецкі, Лілія Рамановіч, Васіль Марзак, Марына Чабай.

Свята закончылася, але добрыя ўспаміны яшчэ доўга будуць грэць сэрцы і душы жыхароў Кібуцяў, Зафільцаў, Казельшчыны і Бурмакаў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтар