Прысяга вернасці.
У вернасці Радзіме салдаты прысягалі.
Дзесяткі салдат стаяць роўнымі радамі на цэнтральнай плошчы горада Валожына. Мужныя твары, засяроджаныя погляды, нібы па струнцы выцягнутыя постаці. Усё падкрэслівае неардынарнасць моманту, значнасць падзеі. Яны, як ніхто іншы, разумеюць важнасць гэтай урачыстасці. Бо менавіта з Дня прысягі пачынаецца сапраўдная армейская служба. Бацькі, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі на гэта мерапрыемства, не адрываюць вачэй ад сваіх крывінак і, відаць, думаюць: “Як пасуе ім вайсковая форма! Якімі дарослымі яны сталі!”. А яны і сапраўды змяніліся, бо за плячыма ў кожнага юнака месячны курс агульнавайсковай падрыхтоўкі. Нямала сіл і старання патрабавала і непасрэдная падрыхтоўка да Дня прысягі: трэніраваліся шмат, бо ўсё ў арміі павінна быць бездакорным, а тым больш, калі табе выпала доля служыць у прэстыжнай 153-яй Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгадзе асобага прызначэння…
Упэўненым чаканеным крокам салдаты па чарзе падыходзяць да стала, аддаюць чэсць афіцэрам і з прыкметным хваляваннем бяруць у рукі тэкст прысягі. Яны прачула вымаўляюць кожнае слова, напоўненае адданасцю роднай Айчыне, вернасцю слаўным традыцыям былых пакаленняў. Кожны прысягаючы захоўвае раўненне на флаг Рэспублікі Беларусь і баявы Сцяг брыгады, ля якіх у ганаровым каравуле застылі афіцэры. Важнасць гэтых галоўных сімвалаў зразумелая без слоў, і тэрмін службы ў арміі дапамагае ўмацаваць пачуццё патрыятызму, адчуць, што ты не проста салдат, а – сын Айчыны. Якой прысягаюць у вернасці раз і назаўсёды.
Тэкст і фота
Ірыны ПАШКЕВІЧ.