Интернет-ресурсы

Пятница, 09 Ноябрь 2018 13:51

ІМКНЕННЕ ДА ПОСПЕХУ

 

      У спіс лепшых вучняў мінулага года прадстаўнік Івянецкай школы Рэнат КАГАЛ трапіў не выпадкова. Яго сур’ёзнае стаўленне да вучобы высока ацэнена педагогамі.

    Яшчэ ў восьмым класе пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі А. В. Ламака ўсур’ёз заняўся даследчай работай – вывучаў фізічныя таямніцы курынага яйка, удзельнічаў у навукова-практычнай канферэнцыі. Тандэм выкладчыка і вучня склаўся ідэальна. Алена Вікенцьеўна цэніць уласную думку выхаванцаў, Рэнат імкнецца да самастойнасці. Як кажуць, сышліся характарамі.

    Настаўніца прапанавала некалькі тэм, прадаставіўшы юнаку магчымасць выбару. Яму ж хацелася, каб вынік працы быў хоць у нейкай ступені прыкладным. Таму вопыты з прадуктам харчавання падаліся цікавымі. І сёння ў кабінеце фізікі захоўваецца пакрытае тоўстым слоем солі яйка, якое ў 2016 годзе дазволіла вучнёўска-настаўніцкаму дуэту атрымаць дыплом II ступені – журы высока ацаніла практычныя рэкамендацыі, якія сталі вынікам цікавага эксперыменту.

    У наступным годзе девяцікласнік прыняў удзел у раённай алімпіядзе па фізіцы, дзе паказаў выдатны ўзровень, выступіў на вобласці (дыплом III ступені). А яшчэ праз год юны фізік трапіў у лік тых, хто на абласным этапе ўвайшоў у дзясятку лепшых. Сказаць, што заданні, з якімі давялося “ваяваць”, былі цяжкімі – не сказаць нічога. Але ён справіўся, і зусім не выпадкова – умее і любіць вучыцца. Спадзяецца звязаць лёс са сферай ІТ, таму на першых пазіцыях – дакладныя навукі. Ужо сёння старанна спасцігае азы праграмавання. Хоць кірунак, у якім хоча развівацца, абраў, вялікую ўвагу надае і гуманітарным дысцыплінам – літаратуры, гісторыі. Упэўнены: менавіта яны фарміруюць асобу.  

    Рэнат ганарыцца сваёй сям’ёй. Бацькі – Вольга Вацлаваўна і Сяргей Аляксандравіч – цікавыя людзі. Да адукацыі ставяцца як да найвялікшай каштоўнасці, гэтаму вучаць сына і дачку. Былыя жыхары Мінска некалькі часу таму пераехалі ў вёску Родзеўшчына, дзе займелі дом, гаспадарку. А, між іншым, С. А. Кагал – інжынер-будаўнік, які яшчэ ў юнацтве займеў патэнт на вынаходніцтвы. “Жаданне паглыбіцца ў свет дакладных навук у мяне ад таты”, – сцвярджае Рэнат і прызнаецца, што разам з бацькам вывучае ўстройства розных механізмаў, дапамагае пры рамонце аўтамабіля, добраўпарадкаванні дома.

    Нягледзячы на значную нагрузку, хлопец знаходзіць час і на творчую рэалізацыю, прымае ўдзел у школьных  мерапрыемствах, цікавіцца навінкамі кіно, слухае музыку, з’яўляецца прыхільнікам творчасці Джэка Лондана.

    Падчас размовы склалася ўражанне, што  гэта зусім дарослы чалавек. Удумлівы, нешматслоўны, мае ўласны погляд на рэчаіснасць, свабодна разважае на тэму кар’еры, сямейных адносін, не баіцца пытанняў наконт будучыні.

  У Рэната Кагала мноства мар і спадзяванняў. Алена Вікенцьеўна Ламака, з чыёй дапамогай дасягнуў першых перамог, верыць: жыццё яго будзе напоўнена мноствам цікавых падзей, а жаданне ісці ўперад паспрыяе сапраўднаму поспеху.

    Нядаўна стала вядома, што падчас другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у Рэната зноў лепшы вынік па фізіцы.

Прочитано 36 раз

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.