Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

«Гэта грамата – самая каштоўная мая ўзнагарода» адзначыў адзін з валанцёраў дабрачыннага руху «Дапамога медыкам Валожына» пасля афіцыйнага ўшанавання ад кіраўніцтва раёна

26.06.2020

У пачатку тыдня на тэрыторыю нашай бальніцы з прыемнай і пачэснай місіяй завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч БІБІК і намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч ШАКУН. Прадстаўнікі ўлады, а таксама галоўны ўрач ЦРБ Павел Алегавіч ГАНЧАР правялі цырымонію ўзнагароджання, галоўнымі героямі якой выступілі валанцёры дабрачыннага руху «Дапамога медыкам Валожына» Аляксей ВІРШЫЧ, Кацярына НАДУЛІНА-ЗГІРСКАЯ і Вераніка КУРБАЕВА. Гэтыя маладыя людзі першыя ва ўсёй нашай краіне пачалі маштабную кампанію па зборы рэчаў, сродкаў і ахвяраванняў, за якія набывалі і дастаўлялі неабходныя задзейнічанаму ў барацьбе супраць каронавірусу медперсаналу Валожыншчыны сродкі індывідуальнай абароны, спецыяльнае абсталяванне і іншы рыштунак. Выступілі, так бы мовіць, пазаштатным аддзелам забеспячэння, дзякуючы якому ўрачам і іх пацыентам удалося выстаяць і спраўляцца з небяспекай у складаных умовах. Тым жа нашы дарагія землякі працягваюць займацца і цяпер, нягледзячы на занятасць, сем’і, асабістыя справы...

У знак пашаны і падзякі – і ад людзей, чыіх блізкіх вылечылі ад COVID-19, і ад улады, якая дастойна ацаніла высакародныя памкненні і прыкладаемыя намаганні, Аляксею, Кацярыне і Вераніцы былі ўручаны Ганаровыя граматы за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта, а таксама грашовыя прэміі. Як прызнаўся А. Віршыч, у яго дастаткова ўзнагарод рознага кшталту. Але гэта – самая каштоўная, бо ідзе ад многіх удзячных сэрцаў.

Таксама ў той дзень кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы адзначыла работу медсёстраў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі інфекцыйнага шпіталя Марыны Алешка і інфекцыйнага аддзялення № 3 Валерыі Асцюк.

Яшчэ раз дзякуй вам, шаноўныя ўзнагароджаныя, за самаадданасць, шчырую неабыякавасць і гатоўнасць умела і аператыўна вырашаць нашы агульныя праблемы!

Тэкст і фота

Сяргея САДОЎСКАГА