Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Хлебны каравай у два мільёны тон: Міншчына справіла «Дажынкі-2020»

29.09.2020

Сёлета цэнтрам абласнога свята хлебаробаў стаў горад Чэрвень. Туды адправілася і дэлегацыя ад нашага раёна. Яе ўзначаліў старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч, а ў склад увайшлі прадстаўнікі аграрнага сектара эканомікі рэгіёну – каля 40 чалавек.

Валожынцы ехалі на свята з асаблівым пачуццём: упершыню за вельмі працяглы час два прадстаўнікі нашага раёна дабіліся ўнушальных вынікаў на працы і былі ўдастоены гонару падняцца на абласную сцэну, каб прыняць ад кіраўніцтва вобласці заслужаныя ўзнагароды. Вось яны, на здымку. Падзякуем Паўлу і Сяргею за высока ўзнятую планку і пажадаем, каб яны і далей трымалі яе гэтак жа высока.

З ранку ў Чэрвені працавалі гандлёвыя рады і сцэнічныя пляцоўкі. Перад новым краязнаўчым музеем і касцёлам прайшла выстава «Горад майстроў”:
гасцям «Дажынак» прадставілі вырабы, створаныя ў тэхніцы халоднага кавання, а таксама ўзоры дэкаратыўна-прыкладной творчасці з саломы,
гліны, лазы, поліэфірнага шнура, з ужываннем тэхнікі роспісу па
па дрэве.

У цэнтры сквера была арганізавана выстава снапоў і караваяў, якія падрыхтавалі рэгіёны вобласці. Вялікія і маленькія, з кветкамі і каласамі, духмяныя вырабы са збожжа новага ўраджаю сталі ўпрыгажэннем свята.

Не абышлося без радасных момантаў і для саміх чэрвенцаў: падчас святкавання адкрылі новы яслі-сад «Пчолка». Урачыстае мерапрыемства прайшло з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына.

Асноўныя падзеі адбываліся ў другой палове дня на цэнтральнай сцэне. Тут сабраліся лепшыя з лепшых аграрыяў Міншчыны. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко. Абодва чыноўнікі павіншавалі работнікаў сельскай гаспадаркі і ўручылі дзяржаўныя ўзнагароды – медалі і Граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Падарункі падрыхтавалі і Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Мінскі гарвыканкам. А старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў падарунак за 55 гадоў, нязменна праведзеных за штурвалам

камбайна, аднаму з заслужаных механізатараў Міншчыны ўручыў ключы ад новенькага аўтамабіля.

У канцы ўрачыстай часткі фестывалю старшыня Чэрвеньскага райвыканкама перадаў эстафету правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» Капылю. Старшыня Капыльскага райвыканкама з радасцю прыняў сімвалічны сноп, падзякаваў Аляксандру Турчыну за аказаны давер прымаць у наступным годзе ў сябе ў раёне абласное свята працаўнікоў вёскі і запрасіў на яго ўсіх прысутных.

Праграма ўрачыстасці завяршылася, аднак неўзабаве яе працягнуў відовішчны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады – Алёны Ланской і Вікторыі Алешка, Аляксея Хлястова і Жанет, гуртоў «PROвокация» і «Беларусы», іншых выканаўцаў беларускай эстрады. Сапраўдным ажыятажам суправаджаўся выхад на сцэну мэтра Аляксандра Саладухі і вядомага выканаўцы, пераможцы шматлікіх фестываляў і конкурсаў Руслана Аляхно: іх творы даўно сталі хітамі, а таму чэрвенцы і госці свята не саромеліся падпяваць добра знаёмыя радкі.

А ў завяршэнне грандыёзнага канцэрта фінальным акордам на радасць прысутных начное неба Чэрвеня расквецілася мноствам яркіх фарбаў: пачаўся святочны салют...

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара