Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

«Бярозкі» дзіўнае святло…

19.02.2019

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, людзі шукаюць сабе занятак, каб і грашовую дабаўку да пенсіі мець, і каб справа па душы была.

Спалучыць два патрабаванні ўдаецца далёка не кожнаму. Аляксандры Аляксандраўне і Барысу Эдуардавічу пашанцавала: яны працягваюць займацца тым, што добра ўмеюць. Гаспадар усё жыццё адпрацаваў у аграпрамысловым комплексе, кіраваў мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Гаспадыня па родзе заняткаў адказвала за ўпрыгожванне кветкамі і зялёнымі газонамі галоўных сталічных аб’ектаў, нават займалася афармленнем вянкоў, якія ўскладаліся высокімі гасцямі да манумента Перамогі і Вечнага агню. Папрацаваць над аграсядзібай Грыневічам давялося: пабудавалі двухпавярховы дом для сябе, дзяцей і ўнукаў, двухпавярховы гасцявы домік; узвялі лазню, па выгляду больш падобную на церамок, і некалькі арыгінальных альтанак. Пад заценню дрэў раскіданы зручныя лаўкі, а там, дзе канавы асабліва заўзята перакрываюць адна адну, прыладзілі на апорах доўгі навясны мост. Ён так маляўніча дапоўніў гэта месца, быццам бы заўсёды тут і знаходзіўся. Як прызнаюцца гаспадары, яны не імкнуліся перакройваць ландшафт, высякаць дрэвы і кусты, а стараліся захаваць прыродную натуральнасць. Таму сёння на аграсядзібу, як да сябе дамоў, наведваюцца зайцы, дзікія качкі, іншая лясная жыўнасць. Інтрыга сустрэч з жывёльным светам падмацавана замаскіраванымі на газонах фігуркамі экзатычных звяроў і птушак. Кветкі і дэкаратыўныя кусты – асаблівы гонар гаспадыні. Толькі ружаў розных гатункаў яна высаджвае больш за сто адзінак. Побач з прывычнымі для нашага вока раслінамі прысуседзіліся замежныя “госці”. Напрыклад такія, як воцатавае дрэва. Кара ў яго далікатная, бы пакрыта аксамітам. Вясной, калі дрэўца зацвітае, яго меданосная крона прыцягвае столькі пчол, што галінкі аж гнуцца. Гаспадары паклапаціліся, каб наведвальнікам цікава было ў любую пару года. Зімой тут ёсць дзе пакатацца на санках, летам – пакупацца і палавіць рыбу, восенню – назбіраць грыбоў, а ўвесну – паназіраць за абуджэннем прыроды і сустракаць прылёт птушак. Смажыць шашлык, гатаваць юшку, рыхтаваць вяндліну можна ў “Бярозцы” круглы год, на некалькіх ачагах адначасова. Дарэчы, такіх мангалаў вы нідзе больш не ўбачыце! Дарма гаспадар Барыс Эдуардавіч не запатэнтаваў іх. Бо тут цалкам яго ідэя і ўвасабленне.

Аграсядзіба існуе не так даўно, але паспела абзавесціся пастаяннымі кліентамі. Гараджане з розных краін блізкага і далёкага замежжа прыязджаюць сюды, каб правесці час у лясной цішы, карыстаючыся пры гэтым выгодамі, прывычнымі для сучаснага чалавека. Падсілкавацца госці могуць стравамі беларускай кухні, якія так смачна гатуе Аляксандра Аляксандраўна.

Захапіўшыся экскурсіяй, мы зусім забыліся пра першапачатковую мэту свайго візіту – вышываныя работы гаспадыні. Іх аказалася вельмі шмат, і ўсе яны арыгінальныя, бо жанчына сама прыдумвае ўзоры. Ніткі выкарыстоўвае розныя, ад традыцыйных мулінэ да шарсцяных і сінтэтычных. У выніку атрымліваецца карціна аб’ёмная, як цяпер прынята гаварыць, 3D-фармату.

Аляксандра Аляксандраўна прызнаецца: маляваць любіла заўсёды, а вось рукадзеллем занялася нядаўна. Сакрэты майстэрства спасцігала самастойна. Любоў да творчасці прывіла сваім дзецям. Зараз многія элементы ў доме ўпрыгожаны мазаікай і роспісам дачкі. Пры выкананні аздобаў перавага аддаецца натуральным матэрыялам: дрэву, каменю, гліне.

Кажуць, каб зразумець сутнасць, трэба засяродзіць увагу на дробязях. У “Бярозцы” кожная, нават самая маленькая рэч не толькі знаходзіцца на сваім месцы, але і ўпрыгожвае яго, што красамоўна гаворыць пра рэдкі дар гаспадароў – ствараць вакол сябе гармонію. Людзі складу Грыневічаў падобны да маякоў, якія паказваюць напрамак і заахвочваюць ісці за сабой.

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/5522-byarozki-dzi-nae-svyatlo#sigProIdba87bdf2b1