Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Падвялі вынікі

13.11.2019

Нядаўна адбылася XXIV справаздачна-выбарная канферэнцыя Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

На ёй прысутнічалі 53 дэлегаты з усіх устаноў адукацыі раёна, а таксама старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко, старшыня Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі Марыя Шакун, кіраўнікі сістэмы адукацыі, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, прадстаўнікі прафактыву, якія не з’яўляюцца дэлегатамі канферэнцыі.

Са справаздачным дакладам аб дзейнасці Валожынскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі за перыяд з 28 кастрычніка 2014 года па 24 кастрычніка 2019 года выступіла яго старшыня Марыя Камінская. Яна адзначыла, што па стане на 24 кастрычніка дзейнічаюць 27 пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі раёна, якія аб’ядноўваюць 1352 членаў прафсаюза. Пры гэтым працэнт ахопу работнікаў сістэмы адукацыі складае 99,6%. Падводзячы вынікі, Марыя Мікалаеўна падрабязна расказала аб станаўленні і развіцці сацыяльнага партнёрства, праваабарончай дзейнасці і сацыяльна-эканамічным становішчы работнікаў сферы адукацыі. Закранула і пытанні, якія датычацца маладых спецыялістаў і

ветэранаў працы, культурна-масавай дзейнасці. Асаблівую ўвагу надала пытанням выканання працоўнага заканадаўства і заканадаўства аб ахове працы. У сваю чаргу падчас абмеркавання даклада начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала адзначыла, што супрацоўніцтва з галіновым прафсаюзам разглядаецца як найважнейшая ўмова павышэння якасці працы ў сістэме адукацыі. Дэлегаты канферэнцыі заслухалі і справаздачу рэвізійнай камісіі, з якой выступіла яе старшыня Валянціна Залеская.

Па выніках абмеркаванняў было прынята рашэнне прызнаць работу райкама Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі здавальняючай і зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі.

Падчас канферэнцыі прысутныя агучылі асноўныя напрамкі дзейнасці раённага камітэта прафсаюза на 2019-2024 гады. У выніку адкрытага галасавання старшынёй арганізацыі на пяцігадовы тэрмін зноў стала Марыя Камінская, а яе намеснікам Святлана Косік. Абедзве жанчыны прынеслі клятву прафсаюзнага лідара. Таксама быў абраны склад раённага камітэта, рэвізійнай камісіі і яе старшыня, вызначаны дэлегаты на XXV Мінскую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю і справаздачна-выбарную канферэнцыю раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Завяршылася канферэнцыя ўзнагароджаннем актывістаў прафсаюзнага руху. Ганаровыя граматы Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко ўручыў начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяне Крыкала, загадчыку Ракаўскага ясляў-сада “Сонейка” Тамары Картыннік, намесніку старшыні раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі Марыі Шакун. Ганаровыя граматы раённай арганізацыі з рук старшыні Марыі Камінскай атрымалі старшыня пярвічнай арганізацыі Пугачоўскага ВПК Таццяна Ліхтаровіч, намеснік дырэктара Пяшайскага ВПК Яўгенія Іваноўская, інжынер па ахове працы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Процкіў.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара. http://psl.by/