Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Гаспадары

22.07.2019

Валянцін Сяргеевіч і Ніна Міхайлаўна ЖУКОЎСКІЯ з Макараўкі жывуць спрадвечным для вяскоўцаў укладам жыцця.

Нягледзячы на сучасныя інавацыі і тэндэнцыі, яны, як і калісьці іх бацькі, дзяды і прадзеды, маюць гектар зямлі, трымаюць дзве каровы – Маліну і Зорку, каня Жорыка, свінаматку з парасятамі, курэй, двух прыгожых касматых катоў і сабаку. Меркаванні і адносіны да іх у сённяшні час у людзей розныя. Аднак мужа і жонку можна назваць адным ёмістым словам: ГАСПАДАРЫ. Гэтым сказана ўсё: любоў да сваёй маленькай радзімы, да зямлі-карміліцы, да скаціны, якая корміць-поіць і… дае дадатковы заробак. А яшчэ, і, напэўна, гэта самае галоўнае – радуе душу, прыносіць задавальненне. Бо за любоўю да ўсяго жывога стаіць праца да сёмага поту.

Маючы па сорак гадоў стажу ў калгасе, яны не могуць сядзець без работы. Пагутарыўшы ў доме, Валянцін Сяргеевіч вывеў мяне за гаспадарчыя пабудовы і з замілаваннем пачаў расказваць: “Вось тут бульбачка пасаджана: бачыце, як у рост узялася – павінен быць добры ўраджай. А без гною хіба ж такая вырасце?! Там далей – грады: усё аполата-дагледжана, бо дачушка пастаралася. Яна са сваёй сям’ёй кожныя выхадныя з Мінска прыязджае: зяць са мной у чатыры гадзіны раніцы ўстае і косіць, пасля разам сушым і возім сена. Дзеці і ўнукі працуюць не менш, чым мы… Пагадзіцеся, прыемна ж нават вокам акінуць, калі ўсё ў парадку”.

Пагаджаюся, шаноўныя гаспадары Жукоўскія, бо на такіх, як вы, трымаецца зямля!