Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Справаздача – у нетрадыцыйным фармаце

04.02.2020

Напрыканцы студзеня правёў справаздачу за 2019 год старшыня раённага савета ветэранаў Р. М. Русакевіч. Прайшла яна не ў афіцыйнай абстаноўцы, не ў службовым кабінеце, а як бы ў форме Каляднай сустрэчы за кубкам чаю. Побач са старшынямі ветэранскіх арганізацый А. П. Нядвецкай з Івянца, У. П. Вашкевічам з Ракава, В. В. Косікам з Валожына прысутнічалі актывісты ветэранскага руху.

Было адзначана, што пры кожным сельвыканкаме створаны пярвічныя арганізацыі, але далёка не ўсе яны ўключыліся ў работу. Зразумела, усё залежыць ад лідараў, якія іх узначальваюць. Тут галоўнае – знайсці такога чалавека, які б актывізаваў работу на месцах. І гэта таксама патрабуе неадкладнага вырашэння, бо ў сакавіку павінна прайсці справаздачна-выбарная канферэнцыя савета ветэранаў.

Рыгор Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што ветэраны не прапускаюць ніводнага значнага мерапрыемства ў раёне, сустракаюцца з моладдзю. Летась вылучалі кандыдатуры для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Ветэранскі падворак», песенным конкурсе «60+». Выступілі там годна, былі заўважаны і ўзнагароджаны. З’явіліся і свае валанцёры з ліку «маладых» ветэранаў. Удзельнічаюць у сустрэчах на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Такім чынам, пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, на сустрэчы з паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, наведалі з экскурсіяй Палац Незалежнасці і г. д.

Шмат задач пастаўлена перад ветэранамі і на бягучы год. Галоўная дата года – 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, час няўмольны, і ў жывых застаецца менш удзельнікаў вайны. На 1 студзеня ў раёне іх было ўсяго 9 чалавек. Самаму старэйшаму – 103 гады, а самаму малодшаму – 89. І пакуль пісаўся гэты матэрыял, лічба магла ўжо памяняцца. Нам застаецца толькі памяць. Трымаць у належным выглядзе воінскія пахаванні, расказваць моладзі пра людзей, што абаранялі наш край, пра ветэранаў, якія ўносілі ўклад у аднаўленне раёна пасля Перамогі. Была выказана прапанова правесці раённы фестываль песні і паэзіі «60+».

За кубкам чаю ветэраны абменьваліся думкамі. Невялікія падарункі былі ўручаны В. Косіку, А. Нядвецкай і С. Кавяза. Гутарка перамяжалася канцэртнымі нумарамі, якія дарылі ўдзельнікі ветэранскага клуба «Верас» РЦК. А потым песні сваёй маладосці спявалі ўсе разам. Старшыня гарадскога савета ветэранаў В. В. Косік прынёс духмяныя травы для чаю. А старшыня раённага Таварыства Чырвонага Крыжа А. У. Трацэўская забяспечыла салодкі стол цукеркамі і пячэннем. Дзве гадзіны ў цёплай абстаноўцы праляцелі неўпрыкмет, а пасля іх засталіся прыемныя ўспаміны ад сустрэчы з аднадумцамі.

Наталля ШТЭЙНЕР