Аляксандр цвёрда перакананы, што выбраў прафесію правільна. Падчас нясення службы ў яго было нямала выездаў на складаныя пажары. За плячамі ў Аляксандра – вялікі вопыт ліквідацыі надзвычайных здарэнняў, выратавання чалавечых жыццяў, маёмасці. На яго думку, няма на свеце нічога больш высакароднага, чым займацца такой справай.
Цікава злучыў лёс Аляксандра з узгараннямі на мясцовым ільнокамбінаце. Ён, займаючы розныя пасады, тройчы ўдзельнічаў у тушэнні тут пажараў: у 1999 годзе, будучы старшым пажарным, у 2003-м – начальнікам каравула, у 2015-м – начальнікам часці. Пры яго непасрэдным удзеле выратавана амаль 3000 тон ільносыравіны.
За гады службы Аляксандр Вячаслававіч заслужыў рэпутацыю кваліфікаванага, дысцыплінаванага і працалюбівага работніка. Ён валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, заўсёды настойліва дабіваецца выканання пастаўленых задач. Яму не займаць рашучасці і смеласці. Каб заўсёды быць у добрай фізічнай форме, ён займаецца спортам. Перавагу аддае настольнаму тэнісу.
За добрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў і высокі прафесіяналізм маёр Журкевіч неаднаразова адзначаўся граматамі і падзякамі з боку кіраўніцтва, дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі.
Паплечнікі па рабоце сцвярджаюць, што Аляксандр Журкевіч – чалавек вясёлы, кампанейскі. Ён ніколі не адмаўляе калегам у дапамозе і выручцы, ахвотна перадае вопыт маладой змене. А дома начальніка падраздзялення чакае дружная сям’я, дзе ён – любімы муж і бацька. І трэба ведаць, з якой пяшчотай ставіцца Аляксандр да ўсяго, што датычыцца сям’і, ладу ў ёй і дабрабыту!


